fbpx

Актывісты асьветніцка-адвакацыйнай грамадзкай кампаніі Legalize Belarus расказалі пра пэрсанальныя матыватары, якія імі рухаюць. Натхняйцеся! Фота — Караліна Палякова.

Стас Шашок: Ня бойся гаварыць!

Большасьць асуджаных не наносілі шкоды іншым. Тысячы маладых людзей пазбаўленыя волі за злачынства без ахвяры. Пакуль мы маўчым, адварочваемся і называем асуджаных «наркаманамі», маладыя людзі у калёніях задаюцца пытаньнем: «За што мяне пасадзілі?». З-за нашага маўчаньня пакутуюць іншыя.

Пётр Маркелаў: Ня спрошчвай!

Вельмі проста сказаць: «Я супраць наркотыкаў». Але большасьць нават не разумее, пра што ідзе гаворка. Такое спрошчаваньне прыводзіць да масавага гвалту ў грамадзтве. Каб гэта спыніць, неабходна даносіць інфармацыю пра псыхаактыўныя рэчывы да людзей і пераконваць у каштоўнасьці свабоды выбару. Патрабаваць павагі ад дзяржавы можна толькі тады, калі самі навучымся паважаць іншых.

Ксенія Тарасевіч: Будзь адказнай!

Адна з самых важных каштоўнасьцяў у жыцьці чалавека — гэта свабода. Свабода самой вырашаць, што рабіць са сваім целам, жыцьцём і розумам. У рэальнасьці, свабода немагчымая без адказнасьці. Каб быць адказнай, трэба валодаць інфармацыяй і ўсьведамляць усе плюсы і мінусы. Толькі тады чалавек можа быць сапраўды свабодным.

Максім Кавалёў: Палюбі бліжняга свайго!

Нам не патрэбныя рэчывы, каб адчуваць сябе шчасьлівымі. Я хачу, каб людзі любілі адно аднаго, а не рабілі больна. Пацыентам адмаўляюць у бясьпечным лекаваньні. Дзяцей, якія ня ўчынілі шкоды ні сабе, ні навакольным, садзяць у турму. Зьмена адносінаў грамадзтва і дзяржавы да псыхаактыўных рэчываў  ня зробіць мір ідэальным. Але гэта зробіць яго больш чалавечным.

Міхась Варанцоў: Ня бойся абпекчыся!

Аб агонь можна абпекчыся, але гэта не азначае, што ён зло. Нашая цывілізацыя не дасягнула б цяпершняга ўзроўню, калі б першабытныя людзі забаранілі агонь. З рэчывамі, што здольныя зьмяняць стан сьвядомасьці, падобная сытуацыя. Мы павінныя перастаць баяцца гэтага полымя, авалодаць ім, і пачаць атрымоўваць ад яго карысьць.

Ягор Віняцкі: Будзь моцным!

Плякаты на вуліцах Менску гавораць нам: «Не спакушайся!». Калі ў людзей не хапае ўласных сілаў, каб супрацьстаяць сваім жаданьням, яны перадаюць гэтую ролю дзяржаве. Свабода патрабуе быць моцным, слабасьць прыводзіць да гвалту.

Караліна Палякова: Будзь справядлівай!

Група людзей забараняе некаму выкарыстоўваць тое, што расьце з зямлі. Нават калі для раслабленьня, для супакаеньня болю, для лекаваньня дэпрэсыі. Лепей шукаць моц для пашырэньня сьвядомасьці ўнутры сябе без ужываньня рэчываў. Але калі нехта вырашыць экспэрыментаваць з уласным здароўем, гэта не падстава, каб выдаляць чалавека з грамадзтва. Несправядліва, надоўга і праз зман.