fbpx

10 сьнежня 2018 году ў Менску пачала працу інфармацыйна-кансультацыйная ўстанова «Тэрыторыя правоў» — памяшканьне, якое належыць Праваабарончаму цэнтру «Вясна».

Як адзначаецца ў афіцыйным рэлізе арганізацыі:

Пляцоўка «Тэрыторыя правоў» будзе бясплатна прадстаўляцца праваабарончым арганізацыям і ініцыятывам, іншым арганізацыям, якія займаюцца абаронай уразьлівых групаў для правядзеньня круглых сталоў, сэмінараў, сустрэчаў, дыскусыяў на тэму правоў чалавека.

«Гэта будзе пляцоўка для правядзеньня мерапрыемстваў для праваабарончых арганізацый. Любая праваабарончая арганізацыя, ініцыятыва зможа зладзіць там сэмінар, круглы стол, канфэрэнцыю, сустрэчу.

Прычым мы запрашаем ня толькі праваабарончыя арганізацыі, але і любыя дэмакратычныя структуры. І яшчэ прапануем магчымасьці для арганізацый, якія працуюць з „уразьлівымі групамі“. Да прыкладу, тут ёсьць усе ўмовы для людзей з інваліднасьцю — першы паверх, пандусы. Будзем прымаць і іншыя арганізацыі, якіх не пускаюць на іншыя пляцоўкі», — сказаў дырэктар установы Андрэй Палуда.

Актывісты Legalize Belarus зьвярнуліся ва ўстанову з просьбай прадаставіць памяшканьне для правядзеньня лекцыі расейскай праваабаронцы Ані Саранг пра тое, як наркапалітыка ўплывае на жанчын. Прычынай адмовы была названая неадпаведнасьць мерапрыемства статутным мэтам праваабарончай установы «Тэрыторыя правоў». Пры гэтым, на пляцоўцы праходзяць іншыя мерапрыемствы, якія маюць да правоў чалавека такое ж ці нашмат меньшае дачыненьне, у параўнаньні з прапанаванай Legalize Belarus лекцыяй.

Па інфармацыі ад крыніцаў у ПЦ «Вясна», ініцыятарам адмовы стаў дырэктар «Вясны» Алесь Бяляцкі. Патлумачыць прычыны адмовы ён адмовіўся. Вядома, што Алесь Бяляцкі нэгатыўна ставіцца да ідэі дэкрыміналізацыі спажываньня кантраляваных рэчываў.

Нягледзячы на адмову пляцоўкі прымаць лекцыю, мерапрыемства ўсё адно пройдзе 26 лютага 2019 ў іншым месцы. Пачатак а 19:00. Дакладнае месца правядзеньня будзе паведамленае па email усім, хто пройдзе рэгістрацыю: https://goo.gl/forms/CUDbszu9sW7zwKCn1.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» з’яўляецца буйнейшай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі, якая дзейнічае ад 1996 году.