Беларускія ўлады робяць крок насустрач гуманнай наркапалітыцы
Прапанаваны законапраект «Аб зьмене кодэксаў па пытаньнях крымінальнай адказнасьці» можа значна палепшыць становішча спажыўцоў кантраляваных рэчываў у Беларусі. Тым ня меньш, Legalize Belarus выказвае асьцярогі наконт прымяненьня заканадаўчых зьменаў на практыцы, бо часта менавіта працэсуальныя парушэньні прыводзяць да памылковай кваліфікацыі правапарушэньняў па артыкуле 328.
Грамадзкі рух Legalize Belarus пазітыўна ацэньвае ініцыятыву беларускіх уладаў, накіраваную на зьмякчэньне пакараньняў за парушэньні закону, зьвязаныя з кантраляванымі рэчывамі. Законапраект, які прадугледжвае альтэрнатыўныя больш мяккія пакараньні, з’яўляецца важным крокам насустрач сваякам асуджаных і грамадзянскай супольнасці, што актыўна адвакатавалі за гуманізацыю беларускай наркапалітыкі ў апошнія дзесяць гадоў, з моманту прыняцьця дэкрэту 2014 году «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму звароту наркотыкаў».
Згодна з новым законапраектам, за набыцьцё або захоўваньне кантраляваных рэчываў (ч. 1 арт. 328 КК) зараз могуць прызначацца пакараньні ў выглядзе арышту на тэрмін да трох месяцаў. Таксама прадугледжана магчымасьць караць абмежаваньнем волі за разавыя выпадкі збыту (ч. 2 арт. 328 КК). Скарачаецца ніжні ліміт пакараньня за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў пазбаўлення волі (ч. 4 арт. 328 КК).
Аднак важна падкрэсьліць, што самі па сабе зьмены ў заканадаўстве не гарантуюць, што больш мяккія пакараньні будуць прымяняцца на практыцы. Вялікае значэньне мае зьмяненьне правапрымяняльнай практыкі, каб гарантаваць справядлівае стаўленьне да ўсіх абвінавачаных, адсутнасьць працэсуальных правапарушэньняў і адпаведную кваліфікацыю правапарушэньня. На жаль, многія людзі, якія не ўдзельнічалі ў збыце наркотыкаў у складзе арганізаванай групы, трапляюць пад часткі 3 і 4 артыкула 328.
Людміла Казак, беларуская юрыстка, пазбаўленая ліцэнзыі адвакатка, пракамэнтавала прапанаваныя зьмены.
«Колькасьць асуджаных па ч. 1 арт. 328 КК з кожным годам расьце, нягледзячы на строгія санкцыі ў выглядзе абмежаваньня і пазбаўленьня волі, што сьведчыць аб неэфэктыўнасьці такога жорсткага падыходу. Арышт па шкале пакараньняў з’яўляецца мякчэйшым пакараньнем, чым абмежаваньне волі і заключаецца ва ўтрыманьні асуджанага ва ўмовах строгай ізаляцыі ў арыштным доме на тэрмін ад аднаго да трох месяцаў.
Абмежаваньне свабоды як альтэрнатыва пазбаўленьню волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў за разавы збыт па ч. 2 арт. 328 КК — разумны падыход, асабліва для тых, хто ўпершыню ўчыніў злачынства.
Зьмяненьне пакараньня ў сувязі з прымяненьнем закону, які паляпшае становішча асуджанага, праводзіцца ў парадку, устаноўленым арт. 402 КПК РБ. Рашэньне пра вызваленьне ад пакараньня, зьмякчэньне пакараньня або іншае паляпшэньне становішча асуджанага з прычыны ўступлення ў сілу крымінальнага закону, які мае ў адпаведнасьці з артыкулам 9 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь зваротную сілу, прымаецца судом, які вынес прысуд, або судом па месцы адбываньня пакараньня па заяве асуджанага, або органа, які адказны за выкананьне пакараньня, або назіральнай камісыі».
Legalize Belarus ставіцца да навіны з асьцярожным аптымізмам і будзе сачыць за гэтай ініцыятывай беларускіх уладаў.
Можно, если осторожно
Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.