Свабода: Аштрафавалі Стаса Шашка за пікет насупраць Дома ўраду
25 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў Стася Шашка на 25 базавых велічынь (612 рублёў 50 капеек) за ўдзел у пікеце ў падтрымку дэкрыміналізацыі марыхуаны.
Суд прызнаў удзельніка кампаніі Legalize Belarus вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафаваў паводле трэцяй часткі адміністрацыйнага артыкула 23.34
Стась Шашок думае абскарджваць прысуд, бо яго не магчыма ідэнтыфікаваць на фота і відэа апэратыўнікаў, якія сталі доказам у судзе.
«Нідзе ня бачна майго твару. Твар піксэльны», — патлумачыў Шашок.
Стась Шашок не адмаўляе факту свайго ўдзелу ў пікеце. Ён кажа, што заявіў у судзе пра праблему прысудаў паводле крымінальнага артыкула 328 і нагадаў пра свабоду на выказваньне сваёй думкі.
«Абмяжоўваць законам маю свабоду на сход можна толькі ў тым выпадку, калі гэта можа замінаць правам іншых грамадзян. У дадзеным выпадку нашая акцыя доўжылася пару хвілінаў і нікому не замінала», — сказаў Шашок.
Гэта ўжо чацьвёрты прысуд за ўдзел у пікеце 2 красавіка на плошчы Незалежнасьці ў Менску. У красавіку той жа суд аштрафаваў іншых удзельнікаў пікету:
- Алеся Таўстыку — на 15 базавых;
- Пятра Маркелава — на 25 базавых;
- Вячаслава Касінерава — на 25 базавых.
2 красавіка насупраць Дома ўраду ў Менску прайшоў пікет за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў. Ён быў прымеркаваны да пачатку вясновай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Удзельнікі акцыі накіравалі дэпутатам зварот, у якім заявілі пра патрэбу рэформы 328 артыкула Крымінальнага кодэксу «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў».
Паводле зьвестак руху «Маці-328», па гэтым артыкуле на сёньня адбываюць пакараньні каля 15 тысяч чалавек. Максымальны тэрмін зьняволеньня — 20 гадоў.
Пад пэтыцыяй за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў падпісаліся больш за 2000 чалавек, у тым ліку 1600 — у інтэрнэце. Яны заклікаюць увесьці вызначэньне малой колькасьці для кожнага кантраляванага рэчыва і адмяніць крымінальную адказнасьць за іх абарот у памерах, якія не перавышаюць вызначаныя.
Можно, если осторожно
Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.