2 лістапада ў Менску прайшла акцыя ў падтрымку дэкрыміналізацыі і зьменаў у артыкул 328. Удзельнікі пранеслі пустыя рамкі з чорнай стужкай па вуліцы Кастрычніцкая і ўсклалі вянок усім загінуўшым ад канопляў на Плошчы Аб’яднаных Нацыяў.

«Канапляныя Дзяды» арганізавалі грамадзкі рух Legalize Belarus і аб’яднаньне кандыдатаў «Моладзевы Блёк». 6 кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту далучыліся да працэсыі і падтрымалі неабходнасьць закаданаўчай рэформы.

«80% наркарынку Беларусі — гэта прадукты з канабісу. Мэта гэтай акцыі — данесьці абсурднасьць і неэфектыўнасьць дзейнай наркапалітыкі ў Беларусі і запатрабаваць новы парлямэнт прыняць тыя папраўкі ў заканадаўства, што былі распрацаваныя ў межах Моладзевага Блёку», — тлумачыць кандыдат Стас Шашок з Legalize Belarus.

«Мне не падабаецца, што ў Беларусі людзей саджаюць за канабіс, які нашмат больш бясьпечны за алькаголь, што ў нас можна купіць свабодна. Я бачу, што пакараньне за захоўваньнье кантраляваных рэчываў не сувымерна з шкодай, якую яны прыносяць грамадзтву», — кажа праграміст, кандыдат у дэпутаты па Каліноўскай выбрачай акрузе №108 Аляксей Лазараў, які таксама выступае за адмену «закону аб адтэрміноўках».

«Навукай не зафіксавана ніводнага выпадку перадазіроўкі каноплямі, бо практычна гэта немагчыма. Але закон Беларусі карае маладых людзей, што спажываюць гэтую расьліну так, нібыта яны забілі чалавека. Хіба гэта нармальна?», — разважае Даніла Лаўрэцкі, што балятуецца па акрузе, дзе прайшлі «Канапляныя дзяды».