Гайдлайн па камунікацыі з міліцыяй у Беларусі

Мы папрасілі дасьведчаных актывістаў барацьбы з уладнымі свавольствамі Вячаслава Касінерава і Паўла Вінаградава расказаць, як паводзіць сябе з супрацоўнікамі сілавых органаў. Канспэкт сустрэчы зрабіла Кацярына Гаспадарык.

Гайдлайн па камунікацыі з міліцыяй у Беларусі
Legalize Belarus
4 мая 2018
Пресс-служба

Перад акцыяй

Перад тым, як ісьці на акцыю, запішы нумары праваабарончых арганізацыяў. Паведамляй ім пра затрыманьні, сьведкам якіх ты стаў (-ла).

Папярэдзь сяброў, якія застаюцца дома, што цябе могуць затрымаць. Калі ты зьнікнеш, яны перададуць інфармацыю праваабаронцам і журналістам, прынясуць перадачку. Лепш, калі гэта будуць сваякі.

Папярэдне прачытай пра свае правы і абавязкі. Хоць закон у нас не працуе, яго варта ведаць.

Падрыхтуйся да затрыманьня загадзя. Паеш (бо можаш на суткі ці болей застацца бяз ежы), вазьмі мыла (у камэрах няма), бялізну, шкарпэткі, кантактныя лінзы, лекі, а таксама што-небудзь пачытаць.

Пасьля акцыі

Калі пасля акцыі табе тэлефануе мент, можаш ня браць трубку. Калі падняў (-ла) і цябе клічуць на размову, адмаўляйся прыходзіць без афіцыйнага запрашэньня (позвы).

Калі ўсё ж такі вырашыш ісьці, ёсьць 3 варыянты разьвіцьця падзей:

  1. Гутарка без пратаколу. У гэтым выпадку можна маўчаць ці казаць, што нічога ня скажаш
  2. Просяць даць пісьмовыя тлумачэньні на аркушы паперы. Гэта не юрыдычны дакумэнт. Табе ад яго ніякай карысьці, гэта толькі дапаможа мянтам. Можна сьмела адмаўляцца.
  3. Гутарка з пратаколам. Калі задаюць пытаньні, то хутчэй за ўсё цябе разглядаюць як сьведку. Але ад сьведкі да абвінавачанага  — адзін крок. На ўсе пытаньні можна адказваць: «адмаўляюся адказваць у сувязі з 27 артыкулам Канстытуцыі» (ніхто ня можа быць прымушаны даваць паказаньні супраць самога сябе).

Цябе могуць палохаць і казаць: «а ты ведаеш увогуле, якая адказнасьць за адмову ад дачы паказаньняў»? Адказнасьць — звычайны штраф, і тое, яго амаль ніколі не выпісваюць. Ты павінен разумець, што калі ёсьць загад, цябе пасадзяць у любым выпадку. Калі няма загаду, то не пасадзяць. Гэта нават не залежыць ад чалавека, які з табой размаўляе.

Пратакол можаш не падпісваць. Можаш напісаць свае дапаўненьні, паставіць прочыркі на пустых месцах, і падпісаць. Можаш напісаць: «з пратаколам ня згодны, дадатковыя тлумачэньні буду даваць у судзе» і падпісаць. На судзе можа прысутнічаць твой абаронца (адвакат).

Табе можа прыйсьці позва. Калі ня з’явісься па позве, то ўсё, што табе пагражае — прывад. Мянты прыйдуць да цябе дахаты, ці дзесьці вылавяць, і прывязуць куды трэба.

Калі бачыш праз вакно, што цябе пільнуюць, можаш спакойна сабрацца, дарабіць справы, памыцца, паесьці, паведаміць, каму трэба, паклікаць журналістаў, і ўжо пасьля выходзіць. Яны цябе ўсё роўна дачакаюцца.

Калі цябе затрымліваюць, мянты абавязаныя патэлефанаваць тваім сваякам і паведаміць пра тваё затрыманьне. Але так амаль ніколі не адбываецца.

Пасьля затрыманьня

Ня вер, ня бойся, не прасі. Заўсёды памятай, што мент — твой вораг. Ён хоча зрабіць дрэнна ці табе, ці тваім сябрам.

Мянты ужываюць дзьве тактыкі, у залежнасьці ад твайго тэмпэрамэнту і псыхалягічнага партрэту.

Тактыка 1: добры паліцэйскі. Будуць гаварыць: «проста скажы, хто з табой быў, я цябе адпушчу», «дык мне самому гэта ўсё не падабаецца, праца такая», «дык я вас падтрымліваю насамрэч».

Тактыка 2: злы паліцэйскі. Пачнуць ціснуць. Будуць гаварыць: «зараз я пазваню тваім бацькам, на працу, ва унівэр, цябе звольняць, маму тваю звольняць», «пра цябе ўжо ўсё расказалі», «твае сябры цябе здалі».

Самая бясьпечная і для цябе, і для тваіх сяброў тактыка — гэта маўчанне. Гавары мянтам: «я ня ведаю», «я ня памятаю». Калі адчуваеш, што хопіць сілаў: «я ведаю, але вам не скажу». Але лепш проста маўчы. Калі ты ўвесь час маўчыш, то і размаўляць з табой ня будуць. Калі пачынаеш хоць нешта казаць, нават хлусіць, яны разумеюць, што з табой можна працаваць.

Калі ты ўсё ж вырашыў (-ла) адказваць, вельмі старанна падбірай словы. Напрыклад, слова «магчыма» мянты могуць трактаваць як хочуць. Усімі сіламі будуць дамагацца, каб ты паплыў.

Мянты не разумеюць, як чалавек можа нешта рабіць не за грошы. Калі ты некалькі разоў да iх патрапіш, яны будуць думаць, што ты проста дэбiл. А ў першы раз будуць пытацца, хто цябе спансуе.

Ты не абавязаны здаваць адбіткі пальцаў і сліну мянтам пры затрыманьні. Яны могуць цябе сфатаграфаваць, але ніхто не забараняе крыўляцца!

Цябе прывозяць у РАУС. Мянты ходзяць па кабінетах, пішуць пратакол, апісваюць рэчы. Распранаюць, могуць прымусіць прысядаць. Калі ты патрапіў у РАУС позна, і суд ужо не працуе, могуць на ноч адправіць у клетку (невялікую камэру часовага ўтрыманьня) ці нават стакан (камэру плошчай 1 квадратны мэтар). Калі цябе затрымалі ў пятніцу ці суботу, прыйдзецца сядзець да панядзелка.

Цябе пасадзілі на суткі. Вакол цябе можа быць шмат бяздомных. Вэнтыляцыя не працуе. Душ раз на тыдзень. Шпацыр раз у дзень, на гадзіну. Падчас шпацыру варта разьмінацца. Сачы за сваім здароўем!

Мянты ціснуць псыхалягічна: могуць не пускаць у душ і на вуліцу, спасылаючыся, напрыклад, на дрэннае надвор’е. Можна пісаць скаргі, але для гэтага патрэбная асадка, якую табе могуць ня даць. Могуць забраць матрац, і тады ўдзень прыйдзецца ляжаць на жалезе.

У камеры з табой могуць быць падстаўныя людзі. Таму лепш не балбатаць. Размаўляй пра футбол і дзяўчат (калі ты хлапец). Паводзь сябе так, быццам цябе ўвесь час здымаюць. Самае галоўнае — паводзь сябе дастойна. Як ты сябе паставіш, так з табой і будуць абыходзіцца.

Калі ты ня ўпэўнены, што табе гэта трэба, лепш пазьбягаць усялякай камунікацыі з сілавымі органамі.

Палітзэк-рэіў стыкеры для Telegram: https://t.me/addstickers/PalitzekRave

 
Можно, если осторожно

Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.