Заява па справе загінулай пасьля ўжываньня МДМА студэнткі

Сёньня ў судзе Першамайскага раёну Менску прайшло першае судовае паседжаньне па справе сьмерці 19-гадовай студэнткі пасьля ўжываньня псыхаактыўнага сродку на хатняй вечарыне. Абвінавачваемымі па справе праходзяць 7 чалавек — усім пагражае да 5 год пазбаўленьня волі. Гэтыя людзі не павінны пазбаўляцца волі, а прычына сьмерці дзяўчыны — у недастатковай інфармаванасьці пра дзеяньне псыхаактыўных рэчываў і страх пакараньня, які стрымліваў удзельнікаў вечарыны ад своечасовага выкліку хуткай дапамогі.

Заява па справе загінулай пасьля ўжываньня МДМА студэнткі
Legalize Belarus
2 января 2019
Пресс-служба

Як вядома Legalize Belarus, дзяўчына памерла пасьля ўжываньня вялікай дозы МДМА праз сератанінавы сіндром, які ўзьнік, меркавана, з-за фонавага ўжываньня антыдэпрэсантаў. Цягам пэўнага часу іншыя ўдзельнікі вечарыны спрабавалі дапамагчы ёй самастойна і не выклікалі хуткую дапамогу, бо гэта магло каштаваць двухзначнага турэмнага тэрміну для кожнага зь іх.

МДМА — гэта так званы «клюбны наркотык», які звычайна, разам з амфетамінам ці іншымі стымулятарамі, ёсьць часткай таблетак «экстазі». Дасьледчыкі адносяць гэтае рэчыва да групы нізканебясьпечных рэкрэацыйных ПАР, яно меньш шкоднае за алькаголь ці тытунь. МДМА часта разглядаюць як другое па чарзе кантраляванае рэчыва, якое будзе легалізаванае, пасьля марыхуаны. Гэтае рэчыва паказала надзвычай высокую эфэктыўнасьць у лекаваньні посттраўматычнага разладу асобы. Мультыдысцыплінарная асацыяцыя дасьледваньня псыхадэлікаў (MAPS) нядаўна прыступіла да трэцяй стадыі FDA-рэгуляванага дасьледваньня, а гэта значыць, што ўжо ў 2021 годзе МДМА можа пачаць у шырокіх маштабах выкарыстоўвацца для лекаваньня псыхалягічных разладаў у ЗША.

У сьмерці дзяўчыны вінаватае ня рэчыва. У сьмерці вінаваты недастатковы ўзровень адукацыі па пытаньнях псыхаактыўных сродкаў, а таксама несуразмерныя пакараньні за злачынствы, зьвязаныя з кантраляванымі рэчывамі, што стрымліваюць спажыўцоў ПАР ад звароту па мэдыцынскую дапамогу ў сытуацыях, якія пагражаюць здароўю пры спажываньні рэчываў.

Адной з мэтаў Legalize Belarus з’яўляецца інфармаваньне грамадзтва пра практыкі зьмяншэньня шкоды. Каб пазьбегнуць няшчасных выпадкаў пры рэкрэацыйным спажываньні ПАР мы раім зьвярнуць увагу на табліцу небясьпечных камбінацыяў ПАР. Актывісты прыйшлі сёньня да будынку суда і раздалі прысутным улёткі з інфармацыяй пра дзеяньні ў выпадку перадазіроўкі некаторымі псыхаактыўнымі рэчывамі.

Каб зьменшыць шкоду ад наркотыкаў неабходна перайсьці ад палітыкі «вайны з  наркотыкамі» да палітыкі «зьмяншэньня шкоды», калі спажываньне кантраляваных рэчываў не крыміналізаванае, праводзіцца эфэктыўная адукацыя па пытаньнях ПАР, а залежныя людзі атрымоўваюць дапамогу па сацыяльнай рэінтэграцыі і выхаду з залежнасьці. Пра гэта гавораць ААН, Сусьветная арганізацыя аховы здароўя і іншыя міжнародныя арганізацыі. У ліпені 2018 году Глябальная камісыя па наркапалітыцы апублікавала матэрыял, дзе асудзіла антычалавечую палітыку Беларусі ў дачыненьні да спажыўцоў кантраляваных рэчываў і параіла спыніць зьнявольваць людзей за спажываньне наркотыкаў.

Абвінавачваемыя па справе загінулай студэнткі не павінны пазбаўляцца волі, а гэты выпадак павінен стаць паказальным: каб не артыкул 328, дзяўчына магла б застацца жывой.

 
Можно, если осторожно

Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.