Што не так з наркапалітыкай у Беларусі? Тлумачыць Міхась Варанцоў

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» апублікаваў матэрыял актывіста Legalize Belarus на тэму беларускай наркапалітыкі.

Што не так з наркапалітыкай у Беларусі? Тлумачыць Міхась Варанцоў
Legalize Belarus
18 сентября 2023
Упоминания в медиа

Беларуская дзяржава сістэмна і жорстка пераследуе людзей, якія маюць справы з хімічнымі злучэннямі, раслінамі і грыбамі, унесенымі ёй у адмысловы спіс. Сродкі ў гэтым спісе маюць у сваім складзе рэчывы, што ўздзейнічаюць на псіхіку (псіхаактыўныя рэчывы, скарочана ПАР). Некаторыя псіхаактыўныя сродкі не трапляюць у спіс, застаюцца “легальнымі”, і іх выкарыстанне не цягне за сабой пераслед (прыклады: напоі з кафеінам, бензін, мускатны гарэх, насенне іпамеі, фенібут, мухамор, алкагольныя напоі, нікатынавыя вырабы). Выразных стандартаў, як трэба праводзіць мяжу легальнасці, не існуе.

Людзі прымаюць рашэнне выкарыстоўваць тыя ці іншыя ПАР з розных прычынаў: цікаўнасць, задавальненне, спаталенне залежнасці, самалекаванне пры хваробах і іншыя.

Спажыванне ПАР звязана з рызыкай. Гэта можа выклікаць праблемы са здароўем, навязлівую цягу да далейшага спажывання, непажаданыя паводзіны. УНЗ ААН штогод ацэньвае колькасць спажыўцоў_чак кантраляваных (т.б. захоўванне якіх можа пацягнуць за сабой пераслед) ПАР у свеце, маючых такога кшталту праблемы. З году ў год гэтая доля складае каля 13% (ст. 15). Такім чынам большая частка спажыўцоў_чак не мае праблем, выкліканых спажываннем. Але небяспека для грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва з’яўляецца асноўнай прычынай забароны паводле афіцыйнай рыторыкі прадстаўнікоў_ніц беларускай дзяржавы.

Што датычыць лекавання, то для некаторых забароненых ПАР закон робіць выключэнне, дазваляючы выкарыстоўваць іх у медыцыне. Напрыклад, апіёід марфін прымяняецца як дужа эфектыўны болеспатольны сродак. Але на практыцы яго нелегальны статус настолькі пераважвае, што дактары не заўсёды наважваюцца з ім звязвацца, пакідаючы пацыентаў_ак адзін на адзін з болем. У апошнія гады шырокамаштабныя навуковыя даследаванні паказалі, што пэўныя нелегальныя ў Беларусі рэчывы могуць мець выключнае значэнне ў тэрапіі дэпрэсіі, ПТСР, АКР, залежнасцяў і інш. Яны ўжо ратуюць беларусаў_ак за мяжой. Але ў Беларусі навукоўцы, медыцынскія і сацыяльныя супрацоўнікі не могуць пачаць іх выкарыстоўваць праз страх пераследу, складанасць змены статуса сродка, адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі навуковых даследаванняў з ім, непрыняццём “нарка”-тэмы ў грамадстве і нават экспертным асяроддзі. У выніку людзі з псіхалагічнымі разладамі недаатрымліваюць дапамогу. У суседняй Украіне таксама існуе падобная праблема, але крызіс, выкліканы расійскім увараваннем, прымусіў украінцаў_ак пачаць перамагаць інэрцыю мыслення і звярнуць увагу на навуковую інфармацыю, адкінуўшы стэрэатыпы.

Дзеянні з кантраляванымі ПАР класіфікуюцца дзяржавай як “злачынствы супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва”. Захоўваць кантраляванае рэчыва для ўласнага спажывання лічыцца патэнцыйна шкодна для чалавека і нават усяго насельніцтва, і гэтым апраўдваецца крымінальны пераслед часам аж да пазбаўлення волі на гады. Пры гэтым іншыя рызыкоўныя заняткі, якія гэтак сама маюць на мэце ўласнае задавальненне, такія як экстрэмальныя віды спорту, не забараняюцца. Хоць параўнанне рызыкі ад коннага спорту і спажывання папулярнага эйфарэтыка МДМА паказвае, што спорт можа быць значна больш шкодным. Фактычна людзей заканадаўча пераследуюць проста за іх лад жыцця. Падобная сітуацыя раней існавала адносна ЛГБТК+ людзей, а ў некаторых краінах існуе да гэтага часу.

Дэкрыміналізацыя?

Краіны-суседкі Беларусі так ці інакш дэкрыміналізавалі невялікія колькасці кантраляваных ПАР. Да прыкладу, Украіна і Расія вызначылі колькасць кожнага рэчыва, захоўванне якой вядзе толькі да адміністратыўнага пераследу. Для такога папулярнага сродка, як канабіс, у Расіі ўсталяваны парог у 6 г. сухога матэрыялу, ва Ўкраіне — 5 г. Перавышэнне гэтай колькасці цягне за сабой крымінальны пераслед. Хоць адміністратыўны пераслед — гэта ўсё адно абмежаванне свабоды рабіць са сваім целам што заўгодна, нават такога паслаблення хапае, каб страх надоўга адправіцца за краты не ўтвараў перашкоду для звяртання па меддапамогу ў выпадку праблемаў. У Беларусі страх пакарання часам даводзіць да смерці. Пра неабходнасць дэкрыміналізацыі кажа і СААЗ.

Часам дзяржаўныя службоўцы заяўляюць, што дэкрыміналізацыя ўжо імплементаваная, бо спажыванне як такое законам не забараняецца. Але гэта не працуе на практыцы, бо крыміналізаванымі застаюцца выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка і перасылка кантраляваных рэчываў (328 ч1. КК РБ). Спажываць без захоўвання немагчыма. Простыя спажыўцы_вачкі пры затрыманні з вельмі вялікай імавернасцю атрымліваюць крымінальны артыкул, пры тым, што ахвяры гэтае “злачынства” не мае. А сумеснае спажыванне (калі рэчыва перадаецца ў кампаніі з рук у рукі) і эпізадычны бытавы абмен ўвогуле часта ўлічваюцца як распаўсюд, што цягне за сабой да 15 гадоў пазбаўлення волі, гэтак сама, як сістэмныя дзеянні з вялікімі аб’ёмамі.

Двудумства праяўляецца і ў заяўленым клопаце пра здароўе насельніцтва. Пад уздзеяннем легальнага алкаголя здзяйсняецца абсалютная большасць забойстваў, памірае каля 20 тысяч беларусаў_ак штогод, ён выклікае моцную залежнасць, і пры гэтым застаецца дазволеным, у адрозненне ад канабісу, ад якога не памірае ніхто, а выпадкі боек і забойстваў неверагодна рэдкія. Параўнанне з канабісам прыведзенае для прыкладу, бо гэта папулярны, правераны часам і навукай псіхаактыўны сродак. Але розных ПАР вялікае мноства, патэнцыйная шкода кожнага можа быць вельмі своеасаблівай і патрабуе асобнай ацэнкі. Спробы такіх ацэнак праводзіліся і паказалі, што заканадаўчы статус таго ці іншага ПАР не адлюстроўвае звязаныя з ім рызыкі.

Гуманным, эфектыўным і не парушаючым правы чалавека адказам на выклікі, якія ствараюць спажыванне як легальных, так і кантраляваных ПАР, з’яўляецца асвета і медыцына. Адной з першых па гэтым шляху пайшла Партугалія, сутыкнуўшыся ў 1990-я з масавым праблемным спажываннем апіёідаў. У 2000 г. яна дэкрыміналізавала ўсе ПАР у невялікіх колькасцях, а таксама ўвяла шэраг мераў, закліканых дапамагчы людзям, трапіўшым у праблемнае спажыванне. Гэта пераламіла сітуацыю (да прыкладу, істотна зменшылася колькасць перадазаванняў) і задала трэнд іншым еўрапейскім краінам.

Што датычыць асветы, то, каб эфектыўна папярэджваць праблемнае спажыванне, яна мусіць быць аб’ектыўнай і збалансаванай, без  дэзінфармацыі, запужвання, навязвання пэўнага выбару і хавання рызыкаў (гл. Drug Education Youth, ст. 41). У існым падыходзе да моладзевай наркаадукацыі фокус робіцца на запужванні, часта нават не абгрунтаваным навукова. Гэта дае збой у той момант, калі моладзь усведамляе, што пачутая ў школе ці каледжы інфармацыя была няпраўдай, і пачынае ставіцца да спажывання легкадумна. Аб’ектыўнай і навукова абгрунтаванай асветы не стае і людзям, якія прымаюць рашэнні ў нашай краіне: законатворцам, суддзям і г.д.

Беларускім наркатычным заканадаўствам і правапрымяняльнай практыкай выкліканы шматлікія парушэнні правоў чалавека. Рэгулярна парушаюцца правы на:

  • здароўе: людзі з разладамі не могуць атрымаць неабходную тэрапію
  • належнае судовае разбіральніцтва: напр. часта 328 ч.4 прыпісваецца судом безпадстаўна, і толькі высокакваліфікаваны адвакат можа даць гэтаму рады
  • свабоду ад катаванняў: у справе 2019 г. аднаго з падазраваных катавалі ў яго кватэры, не дапускаючы бацькоў, пакуль той не выдаў пароль ад тэлефона
  • жыццё: некаторых вязняў даводзяць катаваннямі да суіцыду
  • свабоду ад прымусовай працы: у калоніях наркавязняў адпраўляюць на самую цяжкую працу, напрыклад, чысціць драты
  • свабоду ад дыскрымінацыі: вязняў пазначаюць біркамі асобнага колеруі ствараюць асаблівыя ўмовы ўтрымання
  • недатыкальнасць прыватнага жыцця: следчыя ўсімі магчымымі спосабамі імкнуцца атрымаць поўны доступ да электронных прыладаў затрыманых, ад запужвання і катаванняў да ўзлому

Артыкулы 327-332 Крымінальнага Кодэксу (КК) выступаюць зручным спосабам дадаткова запужаць і пасадзіць нападольш затрыманых “па палітыцы”. 28 палітвязняў маюць ці мелі ў дадатак да асноўных яшчэ і артыкул 328. ГУБАЗіК выкарыстоўвае мову варожасці і навешвае дадатковую стыгму на затрыманых, калі яны нешта спажывалі.

Стыгматызацыя, маргіналізацыя і дыскрымінацыя карыстальнікаў_ніц ПАР (асабліва кантраляваных) з’яўляецца яшчэ адной гранню праблемы. Яе падтрымліваюць як ураднікі, так і частка грамадства. Змест артыкулаў 327-332 КК, прапаганда ў дзяржаўных СМІ, установах адукацыі, на вулічных білбордах схіляе людзей ставіцца да спажыўцоў ПАР з пагардай і агідай. Такая грамадская неталерантнасць цягнецца яшчэ з савецкіх часоў, беручы свой пачатак у амерыканскай вайне супраць наркотыкаў, выкліканай чыста палітычнымі прычынамі. Памылка выжыўшага_ай дапамагае падтрымліваць непрыняццё спажыўцоў_вачак грамадствам: выпадкі праблемнага спажывання добра бачныя публіцы, тады як беспраблемнага — не, хаця іх большасць. Дыскрымінацыйнымі, прыніжаючымі чалавечую годнасць з’яўляюцца выяздныя суды над маладымі людзьмі і перыядычныя рэйды па інтэрнатах. Асабліва церпяць неабароненыя ўразлівыя групы. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International раіць (ст. 27) дзяржавам, сярод іншых мераў накшталт дэкрыміналізацыі, займацца зніжэннем стыгмы і дыскрымінацыі карыстальнікаў_ніц ПАР.

Тэндэнцыі

Паводле няпоўных статыстычных звестак Вярхоўнага суда і Белстата (апускаючы пытанне даверу да гэтых крыніц), сіла рэпрэсій павольна падае:

  • колькасць асуджаных па ўсіх наркаартыкулах КК (327-332) паменшылася з 3929 чал. у 2015 г. да 2050 у 2021 г. Праўда, 2022 г. ізноў паказаў рост – 2467 асуджаных
  • сярод іх доля асуджаных па самай лёгкай 1 частцы артыкула 328 паступова змяншаецца: з 85% (2112 з 2493 чал.) у 2013 да 57% (1402 з 2467 чал.) у 2022. Але гэта застаецца вельмі высокім паказчыкам. Як найменш 1402 простыя спажыўцы_вачкі ПАР зазналі крымінальны пераслед толькі за апошні год
  • сярод асуджаных па 328 ч.1 рэальнае пазбаўленне волі ў 2017 атрымалі 42% (797 чал.). Гэты паказчык паступова падаў, дасягнуўшы ў 2022 ужо 18% (249 чал.)
  • сярод усіх асуджаных за нарказлачынствы доля маладых людзей (да 30 гадоў) у 2005-2013 гг. трымалася каля 60% (Белстат, ст. 288). У 2014-15 гг. яна рэзка вырасла да 70% (Белстат, ст. 180), а затым паступова ўпала да 47% (Белстат ст. 153) у 2021

Негледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, гэта ўсё яшчэ вялікія лічбы. Палова асуджаных па арт. 327-332 за апошні год з’яўляецца моладзю, а ў мінулыя гады доля была яшчэ большай. Правапрымяняльная практыка стала лагоднейшай да спажыўцоў_вачак ПАР, чым у 2015, але гэтых зменаў недастаткова, і яны амаль не замацаваныя ў законах.

Больш звестак, аргументаў і разлікаў па тэме можна знайсці ў адмысловым аналітычным дакуменце пра рэформу беларускай наркапалітыкі.

 
Можно, если осторожно

Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.