fbpx

Актывісты кампаніі Legalize Belarus 25 лютага наведалі Віцебск і патлумачылі, чаму так званая “вайна з наркотыкамі” шкодзіць грамадзтву. “Такі падыход не працуе”, – цьвердзяць  навукоўцы. Пра тое самае кажуць праваабаронцы. Але палітыкі працягваюць маўчаць. Бо баяцца згубіць падтрымку “народных мас”.

А народныя масы, між іншым, выступаюць за яшчэ больш “жорсткі падыход”. Як паведаміў віцяблянам (сустрэча адбылася ў “Бітлз-клюбе”) адзін з актывістаў кампаніі “Легалайз Беларусь” Пётар Маркелаў, 25% беларусаў (паводле МУС) ня супраць таго, каб за злачынствы, зьвязаныя з абаротам кантраляваных рэчываў, давалі яшчэ большыя тэрміны зьняволеньня.

Выкурыць “касяк” – як забіць чалавека

І гэта пры тым, што на сёньняшні дзень тэрміны, прадугледжаныя артыкулам 328 КК РБ, адбываюць каля 15 тысяч чалавек. Сярэдні тэрмін пакараньня паводле гэтага артыкулу сягае ў Беларусі 8 гадоў пазбаўленьня волі! Некаторыя праводзяць лепшую частку свайго жыцьця за кратамі толькі таму, што проста патрымалі ў руках “касяк” сябра.

“Кожны трэці асуджаны ў Беларусі – гэта асуджаны па артыкуле 328”, – сьцьвярджае Маркелаў.

“Гэта сапраўды праблема. Таму што ў нашай краіне выкурыць касяк зь сябрам прыраўноўваецца, паводле закону, да забойства чалавека…” – дадае.

Хто мае выгаду?

Перамагчы наркотыкі шляхам рэпрэсіўных захадаў немагчыма, запэўнівае Legalize Belarus. Гэта пацьвярджаецца досьведам барацьбы з наркотыкамі ў ЗША і эўрапейскіх краінах. Але ў Беларусі “вайна з наркотыкамі” ня толькі працягваецца, але набірае абароты. Бо хтосьці мае з гэтага выгаду.

“Апэратыўнікі зацікаўленыя, каб саджаць усё больш і больш людзей, бо ад гэтага залежыць фінансаваньне МУС. Да таго ж, гэта шанец атрымаць зорачкі на пагоны і ўзьняцца па кар’ернай лесьвіцы. У міліцыі дастаткова матывацыяў, каб фабрыкаваць справы,” – кажа Пётар Маркелаў.

Пра тое, як сьледчыя могуць маніпуляваць часткамі артыкулу 328 КК і як могуць правакаваць недасьведчаных спажыўцоў, “Віцебскай вясьне” яшчэ раней распавядалі маці асуджаных паводле “антынаркатычнага” артыкулу.

Пра “нязначную колькасьць”

Маркелаў расказвае пра чалавека, якому далі два гады, бо ў ягоным гербарыі апэратыўнікі знайшлі засушаны лісьцік дзікіх канапель. Пра дзяўчыну, якую асудзілі на 12 гадоў за паўтары пігулкі “экстазі”.

Пётар Маркелаў падчас сустрэчы ў Віцебску

Расказвае, што другую частку артыкулу (захаваньне з мэтай збыту) лёгка “шыюць”, грунтуючыся толькі на гіпатэтычным намеры спажыўца. Гэтак, напрыклад, адбылося ў выпадку з акторам Купалаўскага (а раней – Коласаўскага, у Віцебску) тэатру Арцёмам Бародзічам. Лёгіка такая: захоўваеш шмат (у Бародзіча знайшлі 30 грамаў) – значыцца, зьбіраесься прадаваць…

На думку Маркелава, у беларускае заканадаўства трэба абавязкова ўводзіць панятак “малой колькасьці псыхаактыўнага рэчыва”, каб разьмежаваць меры адказнасьці ў сфэры незаконнага абароту наркатычных рэчываў у залежнасьці ад іх аб’ёму. У заканадаўствах большасьці краінаў СНД (Расея, Украіна, Казахстан ды інш.) гэты момант ужо прапісаны. Захоўваньне нязначнай колькасьці марыхуаны – там не крымінал. У нас – саджаюць на 8 гадоў. За пыл у кішэні…

Насьпела рэформа заканадаўства

У гэтай сувязі Legalize Belarus з восені 2017 году зьбірае подпісы пад зваротам аб неабходнасьці рэформаў у беларускім заканадаўстве. У звароце прапануюць у тым ліку адрэдагаваць дзейны сьпіс наркатычных сродкаў. Паводле словаў Пятра Маркелава, пад зваротам ужо падпісаліся больш за 500 беларусаў.

“Прапануем адмяніць крымінальную адказнасьць за захоўваньне кантраляваных рэчываў у малых колькасьцях. Калі на руках аб’ём, які яе не перавышае, у дачыненьні да цябе не мусяць выкарыстоўваць крымінальны артыкул. Адміністрацыйны – так.  Але гэта не турма”, – кажа актывіст “Легалайз Беларусь”.

Пётар Маркелаў гаворыць, што асноўная мэта кампаніі – адукацыйная. Ён упэўнены, што зьмены мусяць ісьці зьнізу, ад грамадзтва. Бо палітыкам і дзяржаўным органам лягчэй прыкрывацца і апэраваць папулісцкімі слоганамі кшталту “Наркотыкі – зло” і “Мы – супраць наркотыкаў”. Яно так, але ня ўсё так проста…

“Мы не “заганяемся” на марыхуане. Важней зараз – дапамагчы асуджаным і спыніць гэты гвалт у дачыненьні да людзей, якія самі ніякага гвалту не чынілі”, – гаворыць актывіст.

Каноплі і згубленыя магчымасьці

Пётар Маркелаў называе папулізмам і “вайну з наркотыкамі”, бо да перамогі яна не вядзе. Што да канабісу (каноплі) – традыцыйнай для Беларусі расьліннай культуры, дык праз гэтую вайну Беларусь проста губляе шмат магчымасьцяў. Марыхуану, для выкарыстаньня ў мэдычных мэтах, легалізуюць ужо ў Польшчы, бо прэпараты з канапель выкарыстоўваюць пры лячэньні сындрому Паркінсона, хваробы Альцгэймера, анкалягічных захворваньняў. У Беларусі яны – пад забаронай.

Забаронена ў нас выкарыстоўваць канабіс і ў прамысловых мэтах – вырабляць з канапель тканіну, алей, муку, паперу, прадукты харчаваньня і г.д. Між тым, як запэўнівае Пётар Маркелаў, маглі б мець з гэтага вялікія прыбыткі, бо канабіс-індустрыя займае зараз другое месца пасьля моднай (у тым ліку і ў Сінявокай) блокчэйн-індустрыі.

Напрыканцы сустрэчы ў Віцебску прадстаўнікі Legalize Belarus казалі пра “мову варожасьці”. Распавядалі пра акцыю “Талака салідарнасьці 328” у падтрымку асуджаных паводле арт. 328. Пра “Канапляную каляду”, за якую атрымалі немалыя штрафы. І пра нядаўні пікет за дэкрыміналізацыю марыхуаны ў цэнтры Менску, які зладзілі падчас мясцовых выбараў.

Дарэчы, у сюжэце БТ пікетоўцаў называлі “наркаактывістамі” і абвінавачвалі ў тым, што ўдзельнікі “Легалайз” мараць аб грамадзтве, залежным ад наркотыкаў. Але хлопцы маюць зусім іншыя і цалкам супрацьлеглыя мэты. Пратэстуюць супраць бязглузьдзіцы і гвалту ў заканадаўстве і выступаюць за разумнае стаўленьне да некаторых рэчываў, якія, на іх думку, куды бясьпечнейшыя за забойчы алькаголь…

Зьміцер Міраш, Віцебская Вясна