fbpx

Частка карыстальнікаў у Беларусі ад 29 траўня мае праблемы з доступам да вэбсайтаў, што захоўваюцца на сэрвэры de3.fcomet.com (IP-адрас: 139.162.166.31) хостынг-правайдэра Fastcomet. У тым ліку не працуюць сайты nabyvaj.by, legalizebelarus.org і dziejaby.org. Актывісты зьвязваюць гэта з блякаваньнем сайту асьветніцка-адвакацыйнай кампаніі Legalize Belarus, legalize.by, зьмешчанага на тым жа сэрвэры.

Рашэньнем Міністэрства інфармацыі сайт legalize.by быў заблякаваны праз нібыта «прапаганду спажываньня марыхуаны». На сайце актывісты зьмяшчалі інфармацыю пра кампанію на ангельскай мове. Каб абысьці блякаваньне, быў створаны новы сайт з тым жа зьместам, legalizebelarus.org, які на дадзены момант застаецца недасяжным для часткі карыстальнікаў. Таксама недасяжныя сайты nabyvaj.by (сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку) і dziejaby.org (сайт Грамадзкага руху «Дзея», у стане распрацоўкі). Уласьнік дамэнаў Пётр Маркелаў не атрымоўваў афіцыйных дакумэнтаў пра блякаваньне гэтых трох вэбсайтаў. Усе сайты захоўваюцца на адным сэрвэры, de3.fcomet.com. Пры спробе доступу карыстальнікі атрымоўваюць памылку ERR_CONNECTION_TIMED_OUT (перавышэньне ліміту чаканьня адказу). Па дадзеных службы падтрымкі хостынгу, на гэтым сэрвэры зьмяшчаецца каля 300 вэбсайтаў.

Актывісты Legalize Belarus зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі, БелДІЭ і Белтэлекам. З прычыны блякаваньня яны таксама рыхтуюць пазоў у суд.