Legalize Belarus і «Моладзевы Блок» апублікавалі даследаванне з прапановамі па рэформах для любых беларускіх уладаў

У стварэнні аналітычнага дакумента прымалі ўдзел актывісты арганізацыяў, а таксама незалежныя эксперты. Даследаванне закранае адукацыйныя, міжнародна-прававыя, працэсуальна-выканаўчыя, эканамічныя і мэдыцынскія аспекты наркапалітыкі, а таксама дае шэраг рэкамэндацыяў для цяперашняга і будучага беларускага ўраду, прапаноўваючы дэкрыміналізацыю малых колькасьцяў псіхаактыўных рэчываў (ПАР) у Беларусі.

Legalize Belarus і «Моладзевы Блок» апублікавалі даследаванне з прапановамі па рэформах для любых беларускіх уладаў
Legalize Belarus
16 августа 2023
Пресс-служба

Першыя тры раздзелы дакумента закранаюць міжнародны, прававы і крымінальна-працэсуальныя аспекты наркапалітыкі.

У міжнародным раздзеле распавядаецца пра пазіцыю міжнародных арганізацый і іх рэкамендацыі па дэкрыміналізацыі захоўвання псіхаактыўных рэчываў для ўласнага спажывання без мэты збыту. Таксама адзначаецца неадпаведнасць беларускай наркапалітыкі нормам міжнароднага права ў гэтай сферы.

У прававым раздзеле прыведзены лічбы колькасці асуджаных па антынаркатычных артыкулах за 2015-2020 гады. На прыкладзе мноства рэальных кейсаў дэманструецца невыбіральнасць наркапалітыкі Беларусі, дзе аднолькава вялізныя тэрміны атрымліваюць як непаўналетнія так і «мацёрыя» злачынцы, і нават простыя спажыўцы. Аўтар рэкамендуе ўнесці шэраг зменаў у Крымінальны кодэкс: размежаваць пакаранні ў залежнасці ад некалькіх фактараў, прыбраць адказнасць для спажыўцоў, а таксама стварыць сістэму, пры якой не будуць сістэматычна парушацца правы чалавека.

Крымінальна-працэсуальны раздзел адлюстроўвае праблемы разгляду (далучэння) доказаў у судах па арт. 327-332. Прыводзяцца прыклады судовай практыкі, калі па «цяжкіх» частках арт. 328 прызначаюць пакаранні, не абапіраючыся на дастатковыя доказы. Аўтар рэкамендуе змяніць існуючую практыку неабгрунтаванай кваліфікацыі дзеянняў у сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў.

У эканамічным раздзеле праведзены аналіз, які дэманструе, што нягледзячы на мэтанакіравана рэпрэсіўную барацьбу з псіхаактыўнымі рэчывамі, попыт і прапанова на рынку кантраляваных рэчываў за апошнія 5 гадоў не зменшыліся, і нават узраслі. Таксама агучваюцца лічбы, у колькі Беларусі абыходзіцца карная наркапалітыка, якая нагружае праваахоўную і судовую сістэмы і пры гэтым не дае належнага выніку. Аўтар рэкамендуе публікаваць статыстыку па нарказалежнасці і звязаных з кантраляванымі рэчывамі злачынствамі ў адкрытым доступе, а таксама разгледзець альтэрнатыўныя падыходы з мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў і павелічэння дабрабыту грамадзян. Акрамя таго, рэкамендуецца вывучыць эканамічны патэнцыял легалізацыі пэўных рэчываў, у прыватнасці канабісу.

У раздзеле аб медыцынскім прымяненні ПАР раскрываюцца аспекты тэрапіі разладаў з дапамогай розных кантраляваных сродкаў. Даны рэкамендацыі аб медыцынскім прымяненні канабіноідаў, кетаміну, МДМА і псілацыбіну. Раскрыты аспекты медыцынскай практыкі і выдзелена шэраг мераў, якія заклікаюць палепшыць сітуацыю з апіёіднай замяшчальнай тэрапіяй.

У раздзеле па адукацыі прыводзяцца самыя актуальныя прынцыпы і падыходы ў галіне асветы па тэме ПАР як для моладзі ва ўстановах адукацыі, так і для дзяржаўных служачых, якія прымаюць рашэнні. Рэкамендуецца будаваць сістэму адукацыі ў галіне ПАР на аб’ектыўных і навуковых даных, без дэзінфармацыі, запалохвання, навязвання пэўнага выбару і ўтойвання рэальных рызыкаў. Адукацыя ў галіне псіхаактыўных рэчываў павінна мець гуманістычны характар, ставіць у цэнтр права чалавека, ставіцца з увагай да асабістага выбару людзей і выкарыстоўваць паважлівую, інклюзіўную мову.

«Прыведзеныя статыстычныя даныя, шматлікія прыклады багатай на недахопы правапрымяняльнай практыкі, апісанне досведу еўрапейскіх краінаў аб’ектыўна сведчаць аб неэфектыўнасці празмеру жорсткай і ў той жа час незбалансаванай палітыкі, якая праводзіцца ўладамі Беларусі, ахвярамі якой з’яўляецца досыць шырокі пласт маладога насельніцтва нашай краіны», — каментуе прапановы Людміла Казак, былы адвакат Марыі Калеснікавай і суаўтарка даследавання.

«Дэмакратычная і вольная Беларусь — гэта не пра тое, хто прэзідэнт, ці да якога геапалітычнага саюза мы належым. Гэта пра людзей, захаванні іх правоў і свабодаў, у тым ліку на спажыванне ПАР. Крыміналізацыя — гэта не толькі антыгуманная практыка, але яшчэ і неэфектыўная, архаічная, якая толькі вядзе да пагаршэння праблемаў, звязаных са злоўжываннем», –– кажа Даніла Лаўрэцкі, аўтар эканамічнага раздзела даследавання і сябра Рады Моладзевага Блоку.

«Гэта першая падобная праца ў сферы наркапалітыкі ў Беларусі. У дакуменце праведзены комплексны і ўсебаковы аналіз бягучай наркапалітыкі краіны, яе згубных наступстваў, а таксама на падставе сусветнага вопыту прадэманстраваны шляхі для яе рэфармавання і разгортвання ў бок захавання правоў чалавека і вырашэння праблемаў у сферы ПАР. Дадзеныя ў дакуменце рэкамендацыі –– кіраўніцтва да дзеяння для палітыкаў, дзяржаўных органаў і спецыялістаў, чыя праца звязана з ПАР», –– распавядае Станіслаў Шашок, актывіст Legalize Belarus, аўтар прававога раздзелу даследавання.

«У гэты дакумент увайшлі самыя актуальныя супярэчнасці беларускай наркапалітыкі. Узняты праблемы, з якімі сутыкаюцца спажыўцы псіхаактыўных рэчываў, медыцынскія супрацоўнікі, праваабаронцы, сацыяльныя супрацоўнікі. Прыведзены магчымыя шляхі іх вырашэнэня», –– каментуе Міхаіл Варанцоў, актывіст Legalize Belarus і суаўтар працы.

Чытаць даследаванне цалкам: https://moladzbel.org/decriminalization

 
Можно, если осторожно

Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.