Legalize Belarus сьвяткуе 7-годзьдзе і рыхтуецца да ўстаноўчага сходу
Рух Legalize Belarus, які быў заснаваны ў 2017 годзе як нефармальная ініцыятыва актывістаў, што змагалася за гуманізацыю беларускай наркапалітыкі, абвесьціў пра пляны фармалізаваць сваю дзейнасьць на ўстаноўчым сходзе 8 сьнежня 2024 году ў Познані, Польшча. Арганізацыя імкнецца забясьпечыць доўгатэрміновую ўстойлівасьць і пераемнасьць кіраваньня праз прыняцьцё статуту і ўвядзеньне мэханізмаў, якія будуць перадухіляць канфлікты інтарэсаў.
Усё пачалося ў 2016 годзе, калі актору тэатру Янкі Купалы Арцёму Бародзічу прысудзілі вялікі турэмны тэрмін за захоўваньне канабісу для асабістага спажываньня. У той жа год за краты патрапіў саліст рэггі-гурту Botanic Project Клім Малажавы. Гэтыя падзеі выклікалі абурэньне групы сяброў, якія на той момант уваходзілі ў склад такіх арганізацыяў як Рух «За Свабоду», Дзея і Students For Liberty Belarus, і было вырашана стварыць ініцыятыўную групу для запуску грамадзкай кампаніі для ўплыву на грамадзкае меркаваньне і ўлады дзеля гуманізацыі беларускай наркапалітыкі.
Афіцыйным пачаткам Legalize Belarus лічыцца дзень 13 жніўня 2017 году, калі разам з літоўскай моладзьдзю з Lietuvos liberalus jaunimas мы наведалі Hanfparade («Канапляны парад») у Бэрліне. У наступныя гады мы правялі больш за 50 публічных мерапрыемстваў, у тым ліку тры афляйн-школы гуманнай наркапалітыкі, стварылі дакумэнтальны фільм і шэраг іншых аўдыёвізуальных матэрыялаў па нашай тэме, стварылі прапанову законапраекту па дэкрыміналізацыі, правялі дэталёвы аналіз беларускай наркапалітыкі і выдалі аналітычны дакумэнт, запусьцілі службу юрыдычнай падтрымкі для перасьледуемых па артыкуле 328, атрымалі больш за 500 згадак у лякальных, нацыянальных і міжнародных мэдыях, адвакатавалі за гуманную наркапалітыку ўнутры беларускага трэцяга сэктару, а таксама на міжнароднай арэне.
Важна адзначыць, што старт кампаніі быў бы немагчымы без шчырай і неабцяжарваючай падтрымкі міжнароднай лібэртарыянскай сеткі Students For Liberty, а таксама pro bono і грашовых унёскаў прыватных асобаў, зацікаўленых у вырашэньні праблемы 328 у Беларусі.
Увесь гэты час арганізацыя дзейнічала без фармальнай структуры і правілаў, што дазваляла мінімізаваць выдаткі, пазьбягаючы залішняй бюракратыі. Аднак, для забесьпячэньня доўгатэрміновай устойлівасьці і пераемнасьці кіраваньня, мы прыйшлі да высновы, што настаў час правесьці ўстаноўчы сход, зацьвердзіць статут, увесьці інстытут сяброўства і акрэсьліць працэдуру далучэньня да арганізацыі. У статуце будуць прадугледжаныя мэханізмы, якія забясьпечаць раўнавагу ўлады ўнутры арганізацыі, каб эфэктыўна вырашаць праблему канфлікту інтарэсаў, што асабліва актуальна для сучаснага беларускага некамэрцыйнага сектару. Напрыклад, сябры выбарнай Рады Legalize Belarus ня будуць мець права атрымліваць заробак за выкананьне мэнаджарскіх абавязкаў у межах арганізацыі.
Сход пройдзе 8 сьнежня 2024 году анляйн. Каб далучыцца да мерапрыемства, трэба зарэгістравацца праз форму да 24 лістапада: forms.gle/T8VRNLemRFq5eMg57
Для тых, хто хоча быць у цэнтры падзей, мы праводзім некалькі афляйн-сустрэч у Познані з 6 па 8 сьнежня. У праграме — новыя знаёмствы, сустрэчы з актывістамі і незабыўныя ўражаньні!
З народзінамі, сябры! Наперад і ўверх!
Можно, если осторожно
Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.