Legalize Belarus запрашае на трэцюю школу гуманнай наркапалітыкі!
Школа ад Legalize Belarus — гэта адукацыйная і актывістская праграма, якая аб’ядноўвае беларусаў і беларусак для вывучэння сучаснага стану наркапалітыкі і змены яе ў лепшы бок.
У межах школы ўдзельнікі:цы азнаёмяцца з рознымі аспектамі наркапалітыкі, пачынаючы ад асноўных паняццяў у сферы псіхаактыўных рэчываў і іх уплыву на арганізм чалавека да аналізу стратэгій актывізму і правоў чалавека ў кантэксце наркапалітыкі. Эксперты Legalize Belarus і іншых праваабарончых арганізацый зладзяць лекцыі, інтэрактыўныя сесіі і абмеркаванні, на аснове якіх удзельнікі:цы праграмы створаць свае ўласныя праекты.
Школа гуманнай наркапалітыкі заклікана не толькі даць удзельнікам:цам веды і навыкі, але і стварыць супольнасць актывістаў:ак, якія імкнуцца да паляпшэння наркапалітыкі ў Беларусі.
Як праходзілі мінулыя школы?
Першая школа гуманнай наркапалітыкі адбылася ў чэрвені 2022 года ў Польшчы. Яе прайшлі 15 чалавек, якія былі адабраныя на падставе матывацыйных лістоў. Пачытаць, як прайшло мерапрыемства, можна ў нашай справаздачы.
Другая школа прайшла ў лютым 2023 года ў Літве і сабрала крыху больш удзельнікаў:ц. 20 чалавек змаглі прайсці навучанне і пачаць свой шлях у прасоўванні адэкватнай наркапалітыкі.
Новы набор
Трэцяя школа таксама пройдзе ў Літве з 9 да 13 траўня 2024 года. Запаўняйце форму рэгістрацыі да 6 красавіка і далучайцеся да нас, каб разам рабіць свет больш гуманным.
Каго мы навучаем на школе?
- Журналістаў:ак, якія імкнуцца карэктна асвятляць тэму без стыгматызацыі;
- Лекараў:ак, якія працуюць з уразлівымі групамі;
- Юрыстаў:ак, якія хочуць глыбей вывучыць пытанне і заняцца заканадаўчымі зменамі;
- Актыўных беларусаў і беларусак, якія жадаюць змяніць актуальны стан наркапалітыкі.
Якія тэмы будуць закранутыя ў праграме?
- Асноўныя класы псіхаактыўных рэчываў і іх эфекты;
- Як працуе мозг і чаму ўзнікаюць залежнасці;
- Замяшчальная тэрапія, уводзіны ў зніжэнне шкоды;
- Псіхадэлічная тэрапія;
- Вайна з наркотыкамі ў Беларусі;
- Паспяховая дэкрыміналізацыя/легалізацыя. Шляхі да заканадаўчых зменаў на нацыянальным узроўні;
- Міжнародная сістэма рэгулявання псіхаактыўных рэчываў;
- Адвакацыя, уводзіны ў кэмпэйнінг;
- Стыгматызацыя, мова варожасці і іншыя тэмы.
Чаму мы праводзім школу гуманнай наркапалітыкі?
Наркапалітыка ў Беларусі носіць рэпрэсіўны характар, і, насуперак сваім мэтам, не прыводзіць да значнага зніжэння распаўсюду псіхаактыўных рэчываў. У правапрымяняльнай практыцы існуе прадузятасць у дачыненні да асоб, якія абвінавачваюцца па наркатычных артыкулах, і дэ факта такія асобы сутыкаюцца з істотнымі парушэннямі правоў пры затрыманні, у працэсе судовага разбору, і з «асаблівым стаўленнем» у месцах зняволення.
Беларускі заканадавец пры гэтым абмяжоўвае прымяненне псіхаактыўных рэчываў у медыцыне, а асобы з залежнасцямі, якія звяртаюцца па дапамогу да ўрачоў-нарколагаў, сутыкаюцца з абмежаваннямі і стыгматызацыяй.
Сусветныя навуковыя даследаванні і медыцынская практыка паказваюць эфектыўнасць некаторых кантраляваных прэпаратаў для лекавання асобных захворванняў і разладаў. Напрыклад, канабіноіды ўжываюцца ў анкалогіі, пры тэрмінальнай стадыі ВІЧ, у тэрапіі рассеянага склерозу, эпілепсіі. Кетамін можа ратаваць людзей з рэзістэнтнай дэпрэсіяй. МДМА дапамагае праводзіць псіхатэрапію пры посттраўматычным стрэсавым разладзе. Тым часам у Беларусі заканадаўчыя забароны ўтвараюць бар’ер на шляху выздараўлення людзей, якія не могуць скарыстацца такімі відамі тэрапіі.
Рэпрэсіўная наркапалітыка згубная для грамадства, не выконвае заяўленых мэт, і, наадварот, пагаршае сітуацыю з правамі чалавека і здароўем насельніцтва.
Кантакты
Па дадатковых пытаннях з намі можна звязацца праз пошту ці сацыяльныя сеткі:
Школа праходзіць пры падтрымцы Belarusian Human Rights House і Students For Liberty.
Можно, если осторожно
Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.