Legalize Belarus запрашае на трэцюю школу гуманнай наркапалітыкі!

Школа ад Legalize Belarus — гэта адукацыйная і актывістская праграма, якая аб’ядноўвае беларусаў і беларусак для вывучэння сучаснага стану наркапалітыкі і змены яе ў лепшы бок.

Legalize Belarus запрашае на трэцюю школу гуманнай наркапалітыкі!
Legalize Belarus
21 марта 2024
Пресс-служба

У межах школы ўдзельнікі:цы азнаёмяцца з рознымі аспектамі наркапалітыкі, пачынаючы ад асноўных паняццяў у сферы псіхаактыўных рэчываў і іх уплыву на арганізм чалавека да аналізу стратэгій актывізму і правоў чалавека ў кантэксце наркапалітыкі. Эксперты Legalize Belarus і іншых праваабарончых арганізацый зладзяць лекцыі, інтэрактыўныя сесіі і абмеркаванні, на аснове якіх удзельнікі:цы праграмы створаць свае ўласныя праекты.

Школа гуманнай наркапалітыкі заклікана не толькі даць удзельнікам:цам веды і навыкі, але і стварыць супольнасць актывістаў:ак, якія імкнуцца да паляпшэння наркапалітыкі ў Беларусі.

Як праходзілі мінулыя школы?

Першая школа гуманнай наркапалітыкі адбылася ў чэрвені 2022 года ў Польшчы. Яе прайшлі 15 чалавек, якія былі адабраныя на падставе матывацыйных лістоў. Пачытаць, як прайшло мерапрыемства, можна ў нашай справаздачы.

Другая школа прайшла ў лютым 2023 года ў Літве і сабрала крыху больш удзельнікаў:ц. 20 чалавек змаглі прайсці навучанне і пачаць свой шлях у прасоўванні адэкватнай наркапалітыкі.

Новы набор

Трэцяя школа таксама пройдзе ў Літве з 9 да 13 траўня 2024 года. Запаўняйце форму рэгістрацыі да 6 красавіка і далучайцеся да нас, каб разам рабіць свет больш гуманным.

Каго мы навучаем на школе?
  • Журналістаў:ак, якія імкнуцца карэктна асвятляць тэму без стыгматызацыі;
  • Лекараў:ак, якія працуюць з уразлівымі групамі;
  • Юрыстаў:ак, якія хочуць глыбей вывучыць пытанне і заняцца заканадаўчымі зменамі;
  • Актыўных беларусаў і беларусак, якія жадаюць змяніць актуальны стан наркапалітыкі.
Якія тэмы будуць закранутыя ў праграме?
  • Асноўныя класы псіхаактыўных рэчываў і іх эфекты;
  • Як працуе мозг і чаму ўзнікаюць залежнасці;
  • Замяшчальная тэрапія, уводзіны ў зніжэнне шкоды;
  • Псіхадэлічная тэрапія;
  • Вайна з наркотыкамі ў Беларусі;
  • Паспяховая дэкрыміналізацыя/легалізацыя. Шляхі да заканадаўчых зменаў на нацыянальным узроўні;
  • Міжнародная сістэма рэгулявання псіхаактыўных рэчываў;
  • Адвакацыя, уводзіны ў кэмпэйнінг;
  • Стыгматызацыя, мова варожасці і іншыя тэмы.
Чаму мы праводзім школу гуманнай наркапалітыкі?

Наркапалітыка ў Беларусі носіць рэпрэсіўны характар, і, насуперак сваім мэтам, не прыводзіць да значнага зніжэння распаўсюду псіхаактыўных рэчываў. У правапрымяняльнай практыцы існуе прадузятасць у дачыненні да асоб, якія абвінавачваюцца па наркатычных артыкулах, і дэ факта такія асобы сутыкаюцца з істотнымі парушэннямі правоў пры затрыманні, у працэсе судовага разбору, і з «асаблівым стаўленнем» у месцах зняволення.

Беларускі заканадавец пры гэтым абмяжоўвае прымяненне псіхаактыўных рэчываў у медыцыне, а асобы з залежнасцямі, якія звяртаюцца па дапамогу да ўрачоў-нарколагаў, сутыкаюцца з абмежаваннямі і стыгматызацыяй.

Сусветныя навуковыя даследаванні і медыцынская практыка паказваюць эфектыўнасць некаторых кантраляваных прэпаратаў для лекавання асобных захворванняў і разладаў. Напрыклад, канабіноіды ўжываюцца ў анкалогіі, пры тэрмінальнай стадыі ВІЧ, у тэрапіі рассеянага склерозу, эпілепсіі. Кетамін можа ратаваць людзей з рэзістэнтнай дэпрэсіяй. МДМА дапамагае праводзіць псіхатэрапію пры посттраўматычным стрэсавым разладзе. Тым часам у Беларусі заканадаўчыя забароны ўтвараюць бар’ер на шляху выздараўлення людзей, якія не могуць скарыстацца такімі відамі тэрапіі.

Рэпрэсіўная наркапалітыка згубная для грамадства, не выконвае заяўленых мэт, і, наадварот, пагаршае сітуацыю з правамі чалавека і здароўем насельніцтва.

Кантакты

Па дадатковых пытаннях з намі можна звязацца праз пошту ці сацыяльныя сеткі:

Школа праходзіць пры падтрымцы Belarusian Human Rights House і Students For Liberty.

 
Можно, если осторожно

Вступай в наш клуб за гуманную наркополитику. Твои данные не будут переданы третьим лицам.

Creative Commons Licence

Если не указано иное, текст этого материала лицензирован в соответствии с международной лицензией Creative Commons Attribution 4.0.

💓 Нам нужна ваша поддержка
Если вам нравится, что делает Legalize Belarus — поддержите нас через Patreon либо иным способом.